ФРАЗЕАЛАГІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
тып слоўніка лінгвістычнага, у якім сабраны і разгледжаны не асобныя словы, а фразеалагічныя адзінкі. Паводле прызначэння Ф.с. бываюць тлумачальныя, этымалагічныя і перакладныя, паводле крыніц матэрыялу — літ. мовы. нар. мовы і асобных гаворак.
Да тлумачальных Ф.с. бел. літ. мовы адносяцца «Крылатыя словы і афарызмы: З беларускіх літаратурных крыніц» Ф.М.Янкоўскага (1960), «Фразеалагічны слоўнік. Для сярэдняй школы» Н.В.Гаўрош, І.Я.Лепешава і Янкоўскага (1973). «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» Лепешава (т. 1—2, 1993). На матэрыяле бел. нар. мовы створаны тлумачальныя слоўнікі «Беларуская фразеалогія: Фразеалагізмы. іх значэнне, ужыванне» Янкоўскага (1968), «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» Е.С.Мяцельскай і Я.М.Камароўскага (1972), «З народнай фразеалогіі» Лепешава (1991), «Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны» М.А.Даніловіча (2000). На матэрыяле гаворкі Мсціслаўшчыны падрыхтаваны 3 вып. тлумачальнага Ф.с. Г.Ф.Юрчанкі: «І коціцца і валіцца» (1972), «І сячэ і паліць» (1974), «Слова за слова» (1977). У «Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» Лепешава (ч. 1—2. 1981—93) фразеалагізмы разгледжаны з боку іх паходжання. Перакладны Ф.с. — «Англа-беларускі слоўнік фразеалагізмаў параўнальнага тыпу» Л.Корсак і Л.Марціновіч (1984), «Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем» З.Санько (1991), «Беларуска-польскі фразеалагічны слоўнік» А.Аксамітава і М.Чурак (2000).
І.К.Германовіч.
т. 16, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)